ВАЛЬМА — тарцовы схіл чатырохсхільнага даху.

ВАЛЮТА — архітэктурны матыў у выглядзе спіралепадобнага завітка з кружком у цэнтры; састаўная частка іанічнай капітэлі.

ВАСЬМЯРЫК — васьмігранны ў плане архітэктурны аб'ём (будынак ці яго частка, вежа).

ВЕТРАЗЬ — элемент купальнай канструкцыі, які забяспечвае пераход ад квадратнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці купала ці барабана; адзін з асноўных элементаў візантыйскай і старажытнарускай архітэктуры. Мае форму сферычнага трохвутольніка, вяршыня якога павернута ўніз і запаўняе прастору паміж падпружнымі аркамі. У драўляным дойлідстве выкарыстоўваюцца плоскія ветразі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца пераход ад падкупальнага квадрата да васьміграннага барабана.

ВІЛЕНСКАЕ БАРОКА — архітэктурна-мастацкая сістэма, якая склалася ў манументальнай культавай архітэктуры Вялікага княства Літоўскага ў сярэдзіне 18 ст. Архітэктурныя помнікі вызначаюцца вытанчанасцю фасадаў, маляўнічасцю сілуэта (хвалістыя фасады, шмат'ярусныя ажурньы вежы, фігурныя франтоны).

ВІЛЬЧЫК — верхняе рабро (грэбень) двухсхільнага даху.

ВІМА (бема) — прамежкавая прастора паміж падкупальным аб'ёмам і алтарным паўкружжам у храмах крыжова-купальнага тыпу.

ВІМПЕРГ — высокі дэкаратыўны франтон над уваходным парталам ці аконным праёмам гатычнага будынка. Звычайна аздабляўся рэльефнай контурнай разьбой, завяршаўся выявай крыжакветнай расліны.

ГАЛАВА (галоўка) — завяршэнне барабана ў форме шлема, лукавіцы, конуса і інш.

ГАРАДКІ — ступеньчатыя цагляныя «падтрымкі» карніза.

ГАРЭЛЬЕФ — скульптурны ці арнаментальны рэльеф, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фона больш чым на палавіну свайго аб'ёму.

ГЗЫМС — прафіляваны пояс, карніз.

ГІРКА — фігурная дэталь з цэглы ці каменю, падвешаная на схаваным у муроўцы жалезным стрыжні па цэнтры двухпралётнай вісячай аркі.

ГIРЛЯНДА — арнаментальны ўзор у выглядзе перапляценняў кветак і зеляніны.

ГОТЫКА — мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Заходняй, Цэнтральнай і часткова Усходняй Еўропы ў 12—16 ст. Гатычныя саборы маюць у аснове каркас са слупоў, стральчатых арак і нервюрных скляпенняў, распор ад якіх перадаецца праз вонкавыя паўаркі (аркбутаны) на контрфорсы. Для гатычных збудаванняў характэрны востраканцовыя шпілі, стральчатыя аконныя праёмы і парталы, вітражныя вокны-ружы. У дэкоры распаўсюджаны арнамент са стылізаванага лісця аканта, ажурная каменная разьба і скулытгура.

ГРАТЭСК — арнаментыка, складзеная з мудрагеліста сплеценых выяў раслін, жывёл, фантастычных істот.

ГУРТ — гатычная стральчатая арка з абчасаных клінападобных камянёў або цаглін, якія ўмацоўваюць рэбры скляпення.