|
АБЛОМ — архітэктурны профіль рознага папярочнага сячэння
(палічка, гусёк, вал, выкружка і інш.); найбольш пашыраны ў ордэрнай архітэктуры. АБРЫС — агульны чарцёж плана будынка. АДРАДЖЭННЕ (Рэнесанс) — эпоха ў духоўным развіцці
краін Еўропы, пераходная ад сярэдневяковай культуры да культуры Новага часу (14 — 1-я
палавіна 17 ст.). Асноўны ідэйны змест Адраджэння, якое мела антыфеадальную накіраванасць,
складаў гуманізм, свецкі светапогляд, навуковыя веды. У культуры і мастацтве на першы
план выходзяць чалавечая асоба і рэальны свет. АЖУР — арнаментальная скразная накладная разьба. АКАНТ — арнаментальна-дэкаратыўны элемент у выглядзе
зубчастага ліста аднайменнай расліны (пашырана ў Міжземнамор'і). АКРАТЭРЫЙ — упрыгожанне вуглоў франтона, атыка
ці карніза скульптурай, пальметамі, вазамі, абеліскамі і інш. АЛТАР — ахвярнік, найважнейшая частка хрысціянскага храма,
размешчаная звычайна ў апсідзе. Адрозніваюць галоўны алтар і бакавыя, прысвечаныя
якім-небудзь святым. АЛЬКЕЖ — вуглавая вежападобная прыбудова да будынка
самастойнага аб'ёмнага вырашэння, звычайна завершаная купалам ці шатром. АМБОН (казальніца) — узвышанае месца ў храме (трыбуна ці
кафедра) перад алтаром, адкуль чытаюць тэксты з Бібліі, прамаўляюць казанні. Высунутая
паўкруглая частка салеі насупраць царскіх варот. У праваслаўных храмах сімвалізуе
камень каля Гроба Гасподняга, які быў адвалены анёлам і з якога ён абвясціў пра
ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. Звычайна вылучаны дэкаратыўна-мастацкай апрацоўкай. АМПІР — стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст.,
які завяршыў развіццё класіцызму. Вызначаецца арыентацыяй на антычнае дойлідства
Грэцыі і Рыма, яго больш архаічныя ўзоры; выкарыстаннем масіўных дарычных і тасканскіх
порцікаў, ваеннай эмблематыкі на вялікіх нерасчлянёных плоскасцях сцен. У дэкоры
пераважаюць егіпецкія арнаментальныя матывы — сфінксы, львы, гермы, грыфоны і інш. АНТАБЛЕМЕНТ — верхняя гарызантальная частка
фасада будынка, порціка, падтрыманая калонамі ці пілястрамі. Падзяляецца на
архітраў, фрыз і карніз. АНТЫ — бакавыя сценкі ці пілоны, якія фланкіруюць
калонны порцік. АПСІДА (абсіда) — аб'ёмна самастойная частка храма;
прамавугольны, шматвугольны, паўкруглы ў плане выступ, які замыкае прастору
галоўнага нефа царквы; прызначана для размяшчэння алтара. АРАБЕСКІ — разнавіднасць арнамента, складзенага з
геаметрычных фігур, спляценняў ліній, завіткоў, стылізаванага лісця, кветак і надпісаў. АРКА — крывалінейнае перакрыцце праёма ў сцяне ці
прасторы паміж дзвюма апорамі — слупамі, калонамі, пілонамі. АРКАДА — шэраг аднолькавых па памерах і абрысах арак,
якія абапіраюцца на калоны або слупы і ствараюць рытмічны паслядоўны рад. АРКАТУРА — рытмічны рад дэкаратыўных несапраўдных
арак на плоскасці сцяны. АРКБУТАН — адкрытая вонкавая паўарка, якая
перадае распор скляпення нефа на контрфорсы, размешчаныя за межамі асноўнага
аб'ёму будынка. АРНАТ — верхняе літургічнае аддзенне: 2 полкі,
закругленыя ўнізе і замацаваныя плечавымі ўстаўкамі. АРХІВОЛЬТ — дэкаратыўны элемент аздаблення
аркі, які вылучае яе контур. АРХІТЭКТОНІКА — асноўны прынцып пабудовы
архітэктурнай кампазіцыі, вызначаны сістэмай сувязей яе асобных частак і элементаў. АТЫК — дэкаратыўная сценка ці балюстрада над карнізам будынка ці порціка. |