|
Энцыклапедычны даведнік «Праваслаўныя храмы на Беларусі» прысвечаны царкоўнаму дойлідству з часоў
старажытнасці да нашых дзён. У ім змешчана інфармацыя пра вядомыя помнікі — цэрквы, манастыры, капліцы, якія ўвайшлі
ў скарбніцу сусветнай архітэктуры, малавядомыя помнікі і тыя, якія не дайшлі да нас па розных прычынах.
Ад аўтара
Ці ёсць чалавек, якога б не ўзрушылі купалы храмаў? Ці застаецца хто абыякавым,
ступіўшы пад скляпенні, дзе з абразоў глядзяць на цябе вочы святых праведнікаў?
Наша Беларусь - краіна даўняй і багатай праваслаўнай культуры. Тут склаліся самабытныя,
высокамастацкія традыцыі культавага дойлідства. Архітэктура храмаў, як ніводны іншы помнік мастацтва, нясе ў сабе
адбітак духоўнай спадчыны нацыі, сведчыць аб невычэрпным таленце, эстэтычным мысленні народа.
У храмабудаўніцтве, якое сінтэзавала архітэктуру, жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва,
народ увасабляе свае лепшыя ідэалы і пачуцці, выяўляе разнастайнасць мастацка-стылявых асаблівасцей, якія характэрныя
выключна для Беларусі. У дрэва і цэглу дойліды ўкладалі характар, веліч і непаўторнасць беларускай душы, што надало
яскравую адметнасць праваслаўнаму дойлідству Беларусі. Нішто так не здольна паведаміць пра лёс і ментальнасць народа,
як помнікі яго натхнёнай архітэктурнай творчасці, духоўных пошукаў, тэхнічнага майстэрства і вынаходніцкай кемлівасці.
На мяжы новага тысячагоддзя храмы вяртаюць сваю спрадвечную гістарычную і грамадскую сутнасць,
аднаўляюць духоўную моц, становяцца сапраўднымі цэнтрамі духоўнасці і культуры, уздымаюць людзей над будзённасцю.
Праваслаўнае дойлідства абуджае і фарміруе нацыянальную самасвядомасць народа, увасабляе ў культавых архітэктурных
манументах годнасць чалавека, яго высокае зямное прызначэнне.
Гэта кніга - вынік 30-гадовай працы аўтара ў галіне гістарычнай навукі. Пры яе стварэнні
выкарыстаны даследаванні многіх беларускіх гісторыкаў архітэктуры, праведзена вялікая работа над архіўнымі і
бібліяграфічнымі крыніцамі. Хацелася як мага шырэй раскрыць тую невычэрпную скарбніцу, што завецца беларускай
праваслаўнай культурай.
У энцыклапедычным даведніку "Праваслаўныя храмы на Беларусі" змешчана больш за 1700 артыкулаў,
прысвечаных творам праваслаўнай архітэктуры ад старажытнасці да нашых дзён. Першую частку кнігі складаюць артыкулы
пра існуючыя помнікі царкоўнага дойлідства з іх гісторыка-мастацкай характарыстыкай, другая прысвечана страчанай
архітэктурнай спадчыне. Артыкулы размешчаны ў алфавітным парадку назваў населеных пунктаў. У канцы кнігі
прыводзіцца рэестр недаследаваных помнікаў, спіс літаратуры, тэрміналагічны слоўнік. Выданне багата ілюстравана і
змяшчае каля 700 каляровых і чорна-белых ілюстрацый.
Гэты энцыклапедычны даведнік - спроба падсумаваць тое, што ў нас ёсць сёння, і прыгадаць тое,
што па розных прычынах не захавалася. Напэўна ж, наступныя даследчыкі ўзбагацяць гэтую важную галіну нацыянальнай
культурнай спадчыны.
А.М. Кулагін
|
|