|
Замак у Міры — адзін з найбольш значных помнікаў архітэктуры Беларусі.
Ён знаходзіцца непадалёк ад р.Нёман і сучаснай аўтастрады Мінск — Брэст. Гэта першая мураваная
прыватнаўласніцкая рэзідэнцыя на Беларусі. Яна ўзнікла на пачатку XVI стагоддзя, з таго часу лёс яе цесна звязаны з
гістарычнымі падзеямі краіны. Замак вызначаецца багаццем і пластычнасцю гатычнага дэкору, гарманічным спалучэннем элементаў
архітэктуры Адраджэння і іншых стыляў з першапачатковым строем, а разам з паркам, старажытным мястэчкам і наваколлем складае
адзіны архітэктурна-ланд-шафтны ансамбль.
Сёння замак рэстаўрыруецца. Раней былі выкананы працы па ўсебаковым вывучэнні помніка. Кіраваў
даследаваннямі аўтар выдання архітэктар В. Калнін.
Кніга знаёміць чытача з гісторыяй помніка ад часу яго стварэння да нашых дзён. Значная ўвага ўдзелена
звесткам пра гаспадароў замка і творчасці майстроў, якія на працягу стагоддзяў разбудоўвалі і ўпрыгожвалі яго.
Выданне багата ілюстравана, прадстаўлены кароткі змест кнігі на англійскай мове.
Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.
Урывак з кнiгi...
Край наш — дзівосны прыстанак загадак і цудаў:
Ці то так Бог пажадаў, каб усё ў ім на волі
I вырастала, і гінула, ці чараўнічай
Воляю нечай усё занядбана — не знаю.
М. Гусоўскі. Песня пра Зубра
Калі ўзяць у рукі цыркуль і на геаграфічнай карце свету абвесці кругам Еўропу, то цэнтр яе будзе знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі
Беларусь — дзесьці паміж гарадамі Мінск і Гродна. На больш падрабязных картах гэтае месца можна ўдакладніць і нават прачытаць назву таго населенага пункта,
куды трапіла ножка цыркуля, — Мір. Кажуць, што знамянальная геаграфічная кропка зафіксавана пад сценамі тутэйшага замка.
Мір — невялічкі гарадскі пасёлак, мястэчка. Ён не мае шматпавярховых будынкаў — гэтых вестуноў усёпаглынальнай урбанізацыі. Вуліцы
такія кароткія, што не паспееш агледзецца, як ужо трапляеш у яго цэнтр. Асноўную панараму цэнтра складаюць высокія дрэвы ў скверыку ды малыя мураваныя дамкі
навокал. А ўлетку за дрэвамі нават дахаў не відаць, толькі па краях плошчы прабіваюцца скрозь лісце купалы царквы і вежа касцёла.
У гэтым зацішным месцы не адразу з'арыентуешся, дзе тут знакаміты замак. 3 цэнтра пасёлка яго можна не заўважыць, і толькі пасля поўдня,
пры сонечным надвор'і, удалечыні прынадліва зіхацяць яго чырвона-белыя сцены. Ён там стаіць прытоены, нібы зачараваны, не жадаючы так проста раскрываць свае
таямніцы.
Аднак прыкметная сустрэча з Мірскім замкам адбываецца не тут, а на другім баку рэчкі Міранкі, што аддзяляе пасёлак ад замка. Болышасць
падарожнікаў пад'язджаюць сюды ад Мінска. Яны ўжо загадзя пільнуюць замак.
Вось прамінулася адмысловая шыльда з надпісам «Мір», ужо раскрылася панарама старой часткі мястэчка з царквой і касцёлам, а «пана
гаспадара» яшчэ не відаць. Раптам збоку праз зялёны гушчар пачынаюць мільгацець чырвона-белыя сполахі, вострыя чорныя шпілі ўтыкаюцца ў неба, ды так высока,
нібы збіраюцца пакраіць на кавалкі лагодна плывучыя белыя аблокі. 3-пад заслоны векавых дрэваў, быццам асілак з укрыцця, выскоквае фантастычная пабудова і
абрушвае на прыезджага ўсю сваю велічную прыгажосць: вось я — Мірскі замак!
Ад нечаканасці позірк разгублена скача па высокіх сценах, па вежах, па шматлікіх адтулінах-байніцах, па вялікіх вокнах. Чырвань з беллю
пераблыталіся, і мільгаценне ў вачах яшчэ не прайшло. Самы раз спыніцца і перавесці дух тут, адразу ля дарогі, на беразе доўгай сажалкі, якая аддзяляе
нас ад замка. А ён, гэты волат-гарэза, спакойна стаіць на тым беразе і нібы ўсміхаецца ад задавальнення, што так напужаў усіх сваім раптоўным выскакам.
Завостраныя вярхі ягоных пяці вежаў ужо не збіраюцца крышыць неба. Паважна занураюць яны свае шпілі ў люстраную чарнільную роўнядзь сажалкі, каб адшукаць
там і накрэсліць новыя таямніцы сваёй глыбокай гісторыі.
В.В. Калнiн
|